У дапамогу бацькам

Паводзіны - гэта люстэрка, у якім кожны паказвае сваё аблічча.
І. Гётэ
У нашых слоў ёсць крылы, але яны ляцяць не туды, куды б нам хацелася.
Д. Эліёт

Усе нашы адносіны з людзьмі - гэта штодзённыя зносіны, а асноўная форма зносін - маўленне. Мы яшчэ не ведаем чалавека, але вось ён загаварыў, і літаральна з першых фраз можна вызначыць, ці культурны  гэта чалавек.
Непрыемнае ўражанне пакідае пра сябе  малады чалавек, які дрэнна валодае роднай мовай. Словы трэба гаварыць выразна,  стрымана, спакойна.
- А ці  патрэбна гэта чалавеку? Навошта?
«Абыходзіцца з мовай абыякава, - адзначаў Леў Талстой, - значыць і думаць абы-што: недакладна, прыблізна, няправільна». За хуткім маўленнем цяжка сачыць, ад павольнага становішся нецярплівым.
Нават вельмі змястоўная, цікавая гутарка многае губляе, калі маўленне суразмоўцы засмечана грубымі, невыразнымі, недарэчнымі словамі, калі  інтанацыя рэжа слых і, вядома , у нас адразу ж мяняюцца да яго адносіны, прычым не ў лепшы бок. І вельмі крыўдна, што большасць нашых маладых сучаснікаў сапраўды не ў стане выказаць сваю думку складна і без брыдкаслоўя, грубасці.
- Як вы думаеце, чаму? І ці ёсць выхад з гэтай сітуацыі?
Кожны чалавек павінен сам усведамляць, што, калі і як гаварыць. Невыпадкова старажытнагрэчаскі філосаф Гамер казаў: Якое слова ты скажаш, такое і ў адказ пачуеш.
Пры гэтым рэзкасць, грубасць адмоўна ўплываюць не толькі на суразмоўцаў, але і на нас саміх.
- Якім чынам?
Калі ты не стрымаўся па якой-небудзь нязначнай прычыне, пакрыўдзіў чалавека  словам - значыць, ты прынізіў не толькі яго, але і, перш за ўсё, самога сябе, штосьці страціў у сабе. Шмат каму, напэўна, знаёма гэта пачуццё ўнутранага сораму і раскайвання, калі мы гаворым сабе: “Чаму я так сказаў? Гэта ж несправядліва, тым больш, што я так і не думаю. Што ж рабіць? 
Такім чынам, сіла слова бязмежная. Асабліва добрага слова, сказанага людзям. Добрага слова часта бывае дастаткова, каб супакоіць чалавека, пераканаць яго ў чымсьці, прыцягнуць увагу да чаго-небудзь, абудзіць высакародныя пачуцці.
Але характар гутаркі, зносін наогул вызначаюць не толькі слоўнікавы запас і прыгожы граматычна сказ з добрымі словамі, але і вялікае значэнне мае яе тон, інтанацыя. Суразмоўцу можа пакрыўдзіць не сутнасць сказанага, не асобнае няўдалае слова, а сама інтанацыя. Звычайнае слова так, сказанае з рознай інтанацыяй, можа азначаць і пытанне, і сцвярджэнне, і прызнанне. Гэта, здавалася б, нейтральнае слова можа быць і прыемным, і крыўдным.
Такім чынам, інтанацыя надае словам пэўнае адценне і перадае нашы эмоцыі.
Чалавек вельмі рана авалодвае мовай эмоцый. Дзіця яшчэ не разумее сэнсу сказанага, але рэагуе на інтанацыю. Нават калі мы не ведаем замежнай  мовы, даволі лёгка мы зможам адрозніць прывітанне і просьбу, заахвочванне і асуджэнне. Таму, сустракаючыся з незнаёмым чалавекам, трэба быць вельмі ветлівым, карэктным. Думаць пра тое, што  і як мы гаворым.
У пэўнай ступені тон размовы сведчыць пра характар чалавека, яго культуру і выхаванасць. Тон пры зносінах значыць не менш, чым міміка, жэст, пастава. Ні дрэнны настрой, ні  непрыемнасці не даюць ні аднаму чалавеку права быць няветлівым. Пагардлівы, самаўпэўнены тон сведчыць толькі пра пераацэнку ўласнай персоны, непавагу да тых, хто побач.
На Усходзе існуе традыцыя, па якой чалавек не мае права паказваць не толькі свой дрэнны настрой, але і гора, смутак.  У нашай культуры няма такой традыцыі, але кожнаму варта памятаць, што ад яго залежыць настрой людзей, якія знаходзяцца побач.
Часам ад маладых людзей можна пачуць, што на набыццё добрых манер ім не хапае часу, умоў і магчымасцяў, што вось скончаць школу, каледж, універсітэт, тады ўжо і «возьмуцца за сябе». А некаторыя лічаць, што, маўляў, з замежнымі дыпламатамі ім каву не піць, не кантактаваць - такім чынам, няма чаго і турбавацца.
- Ці верная іх пазіцыя?
Такія разважанні няслушныя. Каб быць ветлівым, не трэба асаблівых умоў і магчымасцяў. Гэта якасць выхоўваецца ў працэсе вучобы, працы, адпачынку, на працягу ўсяго жыцця.
Уменне паводзіць сябе не перадаецца па спадчыне, яно развіваецца ў працэсе навучання, выхавання і самавыхавання.
- Ветлівасць. А ці патрэбна яна нам? Навошта?
Ветлівасць каштоўная тым, што гуртуе нас, выклікае пачуццё душэўнага задавальнення, узаемнай радасці і сімпатыі. І, наадварот, грубасць, бестактоўнасць, у якой бы форме яны не праяўляліся, раз'ядноўваюць нават родных і сяброў, выклікаюць пачуццё непрыязнасці і варожасці.
Паміж тактам і ветлівасцю ёсць адрозненні.
- Якія?
Кожны тактоўны чалавек ветлівы, аднак ветлівы не заўсёды бывае далікатным, абыходлівым у зносінах.
- Як гэта разумець?
Напрыклад, ёсць людзі, якія не разумеюць гумару, іх можа пакрыўдзіць нявінны жарт. З такімі людзьмі неабходна размаўляць толькі сур'ёзна і аб сур'ёзным. Да нервовых трэба ставіцца ласкава, далікатна, да грубых - спакойна, да крыўдлівых - папераджальна. Нездарма кажуць: «У ветлівасці лепш перасаліць, чым недасаліць».
- Як зразумець гэтыя словы?
Нашы паўсядзённыя зносіны з людзьмі, якія акружаюць нас, немагчымы без узаемнай павагі, ветлівасці, без чуласці, спагады, узаемаразумення.
Тактоўны чалавек заўсёды ветлівы, ласкавы, гатовы аказаць дапамогу іншым, падзяліцца з ім радасцю і горам. І чалавек, які валодае ўсімі гэтымі якасцямі, уласцівасцямі - не скажа неабдуманага слова, не зробіць ўчынку, які можа пакрыўдзіць іншага.


І. Лафатэр сказаў: Хочаш быць разумным: навучыся задаваць пытанні, уважліва слухаць, спакойна адказваць і перастаць гаварыць, калі больш няма чаго сказаць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий